UMTS
UMTS (англ.: Universal Mobile Telecommunications System — Універсальная Мабільная Тэлекамунікацыйная Сістэма) — тэхналогія сотавай сувязі, распрацаваная Еўрапейскім Інстытутам Стандартаў Тэлекамунікацый (ETSI) для ўкаранення 3G у Еўропе. У якасці спосабу перадачы даных праз паветраную прастору выкарыстоўваецца тэхналогія W-CDMA, стандартызаваная ў адпаведнасці з праектам 3GPP — адказ еўрапейскіх навукоўцаў і вытворцаў на патрабаванне IMT-2000, апублікаванае Міжнародным саюзам электрасувязі як набор мінімальных крытэрыяў сеткі сотавай сувязі трэцяга пакалення.
З мэтай адрознення ад канкуруючых рашэнняў UMTS таксама часта завуць 3GSM з мэтай падкрэсліць прыналежнасць тэхналогіі да сетак 3G і яго пераемнасць у распрацоўках з сеткамі стандарту GSM.
Магчымасці
[правіць | правіць зыходнік]UMTS, выкарыстоўваючы распрацоўкі W-CDMA, дазваляе падтрымліваць хуткасць перадачы інфармацыі на тэарэтычным узроўні да 21 Мбіт/с (пры выкарыстанні HSPA+). Раней самымі высокімі хуткасцямі лічыліся 384 Кбіт/с для мабільных станцый тэхналогіі R99 і 7,2 Мбіт/с для станцый HSDPA у рэжыме перадачы даных ад базавай станцыі да мабільнага тэрмінала. Пры гэтым максімальна магчымая хуткасць перадачы даных па канале GSM была ўсяго 9,6 Кбіт/с, а выкарыстанне некалькіх каналаў у адпаведнасці з тэхналогіяй HSCSD дазваляла мець да 14,4 Кбіт/с. Названыя стандарты нароўні з іншымі тэхналогіямі бесправоднай перадачы даных (CDMA2000, PHS, WLAN) дазваляюць атрымаць доступ да Сеціва і іншых сэрвісаў пасродкам выкарыстання мабільных станцый.
Другое пакаленне мабільнай сувязі ўключала такія тэхналогіі як GSM, IS-95, PHS, PDC і некаторыя іншыя. Эвалюцыйным этапам на тым шляху развіцця тэлекамунікацый было пакаленне «2,5G», якое азначала ўжыванне на сетках тэхналогіі GPRS. Тэарэтычна хуткасць перадачы даных з GPRS магла складаць максімальна 171,2 Кбіт/с, але на практыцы яна вагалася ў межах 56 Кбіт/с, што, тым не менш, павялічвала прывабнасць тэхналогіі, заснаванай на пакетнай камутацыі ў параўнанні з больш павольнымі ў перадачы даных спосабамі, заснаванымі на камутацыі каналаў. GPRS ужывалася на шматлікіх сотавых сетках стандарту GSM, а наступны этап у гэтай тэхналогіі — EDGE, які выкарыстоўваў больш складаныя схемы кадзіравання інфармацыі — дазваляў падняць хуткасць перадачы даных да 473,6 Кбіт/с у тэорыі і да 180 Кбіт/с на практыцы. Сеткі, разгорнутыя з ужываннем EDGE, адносіліся да пакалення «2,75G». Палепшаны GPRS гэта і ёсць EDGE. GSM/EDGE складаюць адзін з узроўняў доступу 3G/UMTS — GERAN.
Пачынаючы з 2006 года, на сетках UMTS паўсюдна распаўсюджвалася тэхналогія высакахуткаснай пакетнай перадачы даных ад базавай станцыі да мабільнага тэрмінала HSDPA, якую прынята адносіць да сетак пакалення «3,5G». Да пачатку 2008 года HSDPA падтрымлівала хуткасць перадачы даных у рэжыме «ад базавай станцыі да мабільнага тэрмінала» да 7,2 Мбіт/с. Таксама вяліся распрацоўкі па павышэнні хуткасці перадачы даных у рэжыме ад мабільнага тэрмінала да базавай станцыі HSUPA. Далей паводле праектаў 3GPP планавалася эвалюцыя UMTS у сеткі чацвёртага пакалення 4G, якія дазваляюць базавым станцыям перадаваць і прымаць інфармацыю на хуткасцях 100 Мбіт/с і 50 Мбіт/с адпаведна, дзякуючы ўдасканаленаму выкарыстанню паветранага асяроддзя пасродкам мультыплексавання з артаганальным частотным падзелам каналаў (OFDM).
UMTS дазваляе карыстальнікам праводзіць сеансы відэаканферэнцый пасродкам мабільнага тэрмінала, аднак досвед працы аператараў сувязі Японіі і некаторых іншых краін паказала невысокую цікавасць абанентаў да гэтай паслугі. Значна больш перспектыўным уяўляецца развіццё сэрвісаў, якія прапануюць загрузку музычнага і відэа кантэнту: высокі попыт на паслугі такога роду быў прадэманстраваны ў сетках 2,5G.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- UMTS World
- Інфармацыйны сайт пра стандарты мабільнай сувязі Архівавана 11 красавіка 2011.
